Хоць і сезон адпачынкаў зараз, а тым не менш амаль штодня ідзе адгрузка прадукцыі з вытворчай базы “Твестуба-ПРА”. А каб такое было магчыма – паралельна працуюць два цэхі. Няхай і не максімальная за 15-гадовую гісторыю прадпрыемства зараз загрузка, аднак наперадзе яшчэ не адзін тэндар.
А вось самы значны па аб’ёмах паставак – на “Гродна-Азот” – сёлета выйгралі і дзякуючы гэтаму ў другім квартале на 62 працэнты павялічылі выпуск прадукцыі ў параўнанні з першым. Хоць гэта, бадай, і самы патрабавальны заказчык. Справа не ў тым, што недзе на якасць можна заплюшчыць вочы, зусім не – на трываласць, вільготнасць, памер правяраецца кожная партыя. А вось запыты – характарыстыкі вырабу – у кожнага свае. Таму і клей, і кардон паступаюць розных вытворцаў. А для нашага флагмана хімічнай прамысловасці нават і станок асобны, які адначасова тарцуе і робіць зазубіны. “Гэта самы складаны станок, хоць прынцып работы, зразумела, такі, як і на іншых. А дадатковыя патрабаванні да гільз толькі ў іх і для дывановай вытворчасці”, – гаворыць галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Сяргеевіч Пруднікаў.